АЛЬМА́НСКІЯ БАЛО́ТЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Столінскім р-не Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1998 для захавання унікальных ландшафтаў Прыпяцкага Палесся з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін. Пл. 94 219 га, уключае поймы р. Сцвіга, Льва і найб. буйны ў Еўропе суцэльны балотны комплекс (балоты Чырвонае і Гала). Комплексы Палескай правінцыі алювіяльных тэрасаваных, балотных і другасна-ледавіковых ландшафтаў. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя глеяватыя і інш. Пад лесам 49,8% тэрыторыі. У флоры 687 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 12 у Чырв. кнізе: сон лугавы, гарлачык белы, касач сібірскі, шалфей лугавы, сальвінія плывучая, лілея кучаравая і інш. У фауне 225 відаў насякомых, 12 у Чырв. кнізе; 192 віды наземных пазваночных жывёл, у т. л. 31 — у Чырв. кнізе: рысь, барсук, соня арэшнікавая, няясыць барадатая, вялікі бугай, бусел чорны, змеяед, арлан-белахвост, зімародак звычайны, дзяцел зялёны, чарапаха балотная, мядзянка і інш.
П.І.Лабанок.
т. 18, кн. 1, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)